Сергей Владимирович Абирало

Председатель Докшицкого районного исполнительного комитета

predsedatel

Дорогие друзья! Мы рады приветствовать всех, кто посетил официальный сайт Докшицкого районного исполнительного комитета...

Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:00-13:00 | 14:00-17:00

Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00

211722, г. Докшицы, ул. Ленинская, д. 31
8 (021) 573-25-10приёмная
Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт
Як установы адукацыі Докшыцкага раёна падрыхтаваліся да новага навучальнага года?

01.09.2025

Як установы адукацыі Докшыцкага раёна падрыхтаваліся да новага навучальнага года?

Як падрыхтаваліся да новага навучальнага года ўстановы адукацыі раёна?

Карэспандэнт газеты “РВ” пабывала на традыцыйным жнівеньскім аб’ездзе школ і дзіцячых садоў.

Гатоўнасць устаноў правярала кіраўніцтва раёна і прадстаўнікі зацікаўленых службаў. У аб’ездзе бралі ўдзел кіраўнікі ўстаноў адукацыі і старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Пад прыцэлам аўтарытэтнай камісіі знаходзіліся памяшканні і дваровыя тэрыторыі разам з гульнявымі і спартыўнымі пляцоўкамі.

Ва ўсіх установах выкананы касметычныя рамонты, на дварах чыста і акуратна. Як і штогод, буяюць кветкі на клумбах. Многія школы ўпрыгожылі ўваходныя групы паветранымі шарамі, яркімі плакатамі з першавераснёўскімі віншаваннямі.

Настаўнікі падрыхтавалі класы да першага ўрока – на дошках прывітальныя надпісы, карцінкі, побач тэматычныя дыдактычныя матэрыялы. Выразна адчуваецца подых блізкага свята – Дня ведаў.

Заварожвае тэрыторыя Параф’янаўскай СШ – з модна “падстрыжанымі” кустамі і арыгінальнымі кветкавымі кампазіцыямі. І кожны, хто бываў тут, ведае, што парадак падтрымліваецца пастаянна – рэспект калектыву ўстановы. Таксама школа славіцца сваімі палявымі і цяплічнымі справамі: вырошчваннем цыбулі, бульбы, збожжавых. У гэтым годзе зноў парадаваў іх багаты ўраджай.

Тэрыторыя Парплішчанскай СШ уяўляе сабой чароўны куточак для рэлаксацыі і выклікае непадробнае захапленне ландшафтным дызайнам. Рознай формы кусты, рэдкія дрэўцы, з густам аформленыя клумбы. Тут жа адметныя артэфакты, альтанка для адпачынку. Летам аформілі яшчэ і патрыятычны куток, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі, дзе побач з устаноўленым знакам-картай Беларусі ляжыць салдацкая каска.

Не перастае здзіўляць Бягомльскі дзіцячы сад: штогод калектыў увасабляе ў жыццё новыя прыдумкі. На гэты раз перад будынкам сада “прыселі” драўляныя матылькі-вазонніцы. Яркія і незвычайныя па дызайне, яны прыцягваюць увагу як малышоў, так і дарослых.

Глінская СШ аздобілася эфектнымі габіёнамі – кветнікамі з сеткі і каменю. Акрамя гэтага, прываблівае погляд пафарбаваны ў прыемны ружовы колер фасад будынка, тут жа адрамантаваны ганак і абуладкаваны пандус.

Пераўвасабляецца тэрыторыя СШ
№ 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч. Напрыклад, сёлета на ўчастку высаджаны 22 туі, а таксама спірэі і вербы.

У Крулеўшчынскім дзіцячым садзе адрамантаваны тры ганкі, на гульнявой пляцоўцы ўстаноўлена новенькая пясочніца, і наогул уся тэрыторыя ў кветках.

Вялікая работа праведзена і ў саміх будынках устаноў. Многія школы рамантавалі ад а да я асобныя кабінеты і іншыя памяшканні, замянялі шпалеры на афарбоўку сцен, мянялі старыя лямпы на сучасныя і старую мэблю на новую. Што адметна, практычна ўсе работы выкананы ўласнымі сіламі. Больш за тое, установы імкнуцца самастойна зарабіць грошы, каб узмацніць матэрыяльную базу: арганізоўваюць платныя аб’яднанні па інтарэсах, вырошчваюць і рэалізоўваюць агародніну і расаду кветак, шыюць бялізну, садзяць дрэўцы ў лясніцтвах, збіраюць яблыкі і рабіну, выконваюць іншыя работы. Наладжваюць кантакты з арганізацыямі і прадпрыемствамі, якія могуць аказаць спонсарскую дапамогу. Прычым па гэтай пазіцыі некаторыя дзіцячыя сады нават апярэджваюць школы.

У Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова працягваецца капітальны рамонт, аднак установа поўнасцю гатова да заняткаў. Са свежай “касметыкай” і да таго ж з новай пліткай на падлозе ў фае першага паверха, мадэрнізаваным водаправодам, сучаснымі санвузламі і іншымі навінкамі, якія зробяць умовы навучання яшчэ больш камфортнымі.

У СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога адрамантаваны і абуладкаваны спецыяльным абсталяваннем кабінет педагога-псіхолага. Папоўніліся абсталяваннем таксама інжынерна-тэхнічны цэнтр і рэсурсны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні.

Кабінет абслуговай працы ў Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча для дзяўчынак “раз’ехаўся” па двух памяшканнях – цяпер ён будзе складацца са швейнай майстэрні і кухні.

Максімальна адрамантаваны медыцынскі кабінет Крулеўшчынскага дзіцячага сада, праведзены дыхтоўны рамонт на харчблоку. Гэтая ўстанова якраз можа пахваліцца высокімі паказчыкамі па пазабюджэтнай дзейнасці. Летам сад прыкметна папоўніў і прадметна-развіццё-
вае асяроддзе для навучання дзяцей.

Кожны куточак Парплішчанскага дзіцячага сада пераносіць выхаванцаў у казачную краіну, бо тут па-майстэрску размаляваныя сцены. Проста сад-казка. Да ўсяго ва ўстанове штогод праводзяцца грунтоўныя рамонты і іншыя работы. І гэта прытым, што працуе ва ўстанове ўсяго сем чалавек. Здаецца, як усё паспяваюць? Сёлета дзякуючы перамозе ў абласным туры рэспубліканскага конкурсу па энергазберажэнні значна папоўнілася і матэрыяльна-тэхнічная база сада, з чым можна толькі павіншаваць майстроў сваёй справы.

Немалы фронт работ праведзены таксама і ва ўсіх астатніх установах адукацыі, што насамрэч толькі маленькая часцінка ад усяго, што ўкладзена імі ў падрыхтоўку да навучальнага года. Гэта падкрэсліла і намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна пры падвядзенні вынікаў аб’езду.

– Вельмі шмат зроблена і яшчэ больш трэба зрабіць у бліжэйшыя гады, – сказала яна. – Заўсёды відаць, калі людзі ў калектыве атрымліваюць задавальненне ад таго, што яны робяць, – тады ёсць вынік. Таму я жадаю згуртаванасці ў нашай агульнай справе, поспехаў, моцнага здароўя і невычэрпнай энергіі.

Аксана Эдуардаўна шчыра падзякавала работнікам устаноў адукацыі за якасную працу, адданасць справе і творчасць.

Разам з тым падчас аб’езду былі абмеркаваны пытанні аб стварэнні музейных пакояў, прысвечаных гісторыям школ, аб прыярытэтных напрамках развіцця кожнай з устаноў і іншыя.

dokshitsy.by