Сергей Владимирович Абирало

Председатель Докшицкого районного исполнительного комитета

predsedatel

Дорогие друзья! Мы рады приветствовать всех, кто посетил официальный сайт Докшицкого районного исполнительного комитета...

Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:00-13:00 | 14:00-17:00

Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00

211722, г. Докшицы, ул. Ленинская, д. 31
8 (021) 573-25-10приёмная
Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт
Лукашэнка прыняў з дакладам міністра адукацыі. Расказваем пра галоўнае

03.09.2026

Лукашэнка прыняў з дакладам міністра адукацыі. Расказваем пра галоўнае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра адукацыі Андрэя Іванца, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ва ўступным слове акрэсліў некалькі асноўных тэм, па якіх папрасіў міністра далажыць: вынікі ўступнай кампаніі, забеспячэнне якаснага харчавання ў школах, фізічная падрыхтоўка навучэнцаў і студэнтаў. Прэзідэнта таксама цікавіў працэс стварэння Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій, пытанні функцыянавання магістратуры. Яшчэ адна тэма — работа маладых спецыялістаў на месцах, як арганізаваны гэты працэс, чаго, магчыма, не хапае.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам каля тыдня знаходзіўся ў замежных камандзіроўках, а да гэтага ў цэнтры яго ўвагі быў ход уборачнай кампаніі на вёсцы. «Ад гэтага ніяк нельга было адысці. Таму нібыта пытанні школы і ВНУ адышлі на другі план. Але гэта не значыць, што я не ў курсе, як у нас складваліся справы з пачаткам новага навучальнага года, — сказаў Прэзідэнт. — Натуральна, пытанне ўступнай кампаніі. Як яна прайшла, якія ёсць праблемы майго ўзроўню?»

Кіраўнік дзяржавы таксама прапанаваў пры неабходнасці абмеркаваць тыя ці іншыя арганізацыйныя і кадравыя пытанні.

Аб харчаванні і фізічнай падрыхтоўцы ў школах

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб задачы арганізаваць якаснае харчаванне дзяцей у школах. «Мы дамаўляліся, што трэба зрабіць так, каб мы больш не перажывалі за харчаванне, не абмяркоўвалі яго на ўзроўні Прэзідэнта. Такая задача была пастаўлена перад урадам, перад вамі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я бачу, мы ўвесь час развіваемся ў тым напрамку, каб прапанаваць дзецям ледзь не рэстараннае ці нейкае іншае меню. Дзяцей трэба проста нармальна накарміць у абед. Бульбы ў нас хапае, мяса, малака ў нас хапае. Таму сасіскі, каўбасы і гэтак далей. Штосьці такое, каб дзеці маглі нармальна паесці».

«Будзем шчырымі, у нас некаторыя сем’і асабліва не сочаць за харчаваннем дзяцей. Таму тое, што яны атрымаюць у школе, — нармальны абед — будзе для дзяцей прымальным і спрыяць іх нармальнаму здароўю і развіццю», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў узмацніць фізічную падрыхтоўку: «Школа пакуль недапрацоўвае ў фізічных адносінах. Мне і ваенныя кажуць, што кантынгент — тыя, хто прыходзіць у войска, — хоць і палепшыўся, але нязначна. Трэба нам неяк добранька ўскалыхнуць нашу моладзь, асабліва дзяцей школьнага ўзросту, і ў фізічных адносінах».

«Таму харчаванне, фізічная падрыхтоўка ў школе — сярод важных пытанняў. Тое самае і ў ВНУ», — дадаў беларускі лідар.

Аб капітальных рамонтах школ

Прэзідэнту дакладзена аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі да пачатку новага навучальнага года. Так, з 1 верасня ў Беларусі функцыянуюць 3,5 тыс. устаноў дашкольнай адукацыі — дзіцячых садоў і ясляў, куды прыйшлі 300 тыс. выхаванцаў. Працуюць 2,6 тыс. школ, у якіх навучаюцца 1025 тыс. школьнікаў, у тым ліку 87,5 тыс. першакласнікаў. Паводле слоў міністра, да 1 верасня пашпарты гатоўнасці да пачатку навучальнага года былі падпісаны ва ўсіх школах.

Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу завяршыць рэалізацыю плана па капітальным рамонце школ сёлета: «Чаго б гэта ні каштавала, трэба цалкам ускалыхнуць школы і прывесці іх у той выгляд, у якім мы хацелі б іх бачыць. Калі хтосьці чагосьці не разумее, своечасова дакладвайце. Не пераносіце гэтыя праблемы на 2027 год, іх трэба вырашыць цяпер».

Андрэй Іванец з гэтай нагоды адзначыў: «Усе губернатары разумеюць гэтую задачу, вельмі адказна ставяцца». Ён растлумачыў, што сёлета заканчваецца рэалізацыя трохгадовага плана па мадэрнізацыі школ. За гэты час капітальна адрамантавалі больш за 300 школ.

Аб Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій

Працэс стварэння Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій стаў адной з тэм падчас даклада. «Мы павінны зрабіць салідны цэнтр, дзе будуць вучыцца самыя таленавітыя і здольныя людзі. Падкрэсліваю: людзі. Таму гэта не значыць, што мы са школы возьмем туды пасля 11-га класа, хай нават гэта будуць таленавітыя хлопцы, і больш нікога. Гэтага трэба пазбегнуць. Любы чалавек — ва ўзросце ці не, малады ці пажылы, — калі ён таленавіты і можа нешта зрабіць, павінен прыйсці туды з канкрэтнай прапановай. І пасля таго, як мы дамо ім там магчымасці ўдасканальвацца, вучыцца і нешта ствараць у лабараторыях, каб у выніку яны выдалі нам рэальны прадукт, які будзе патрэбны грамадству, нашай эканоміцы, нашай дзяржаве», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідуць справы ў пытанні стварэння акадэміі, у якой міністр адукацыі будзе ўзначальваць наглядальны савет і ў практычнай плоскасці вызначаць палітыку.

«Вы — чалавек навуковы. Вам усё гэта ў жыцці дасталася не проста. Адукаваны, пісьменны і перспектыўны. І ў навуковых адносінах вы паспрабавалі ўсё гэта. Тое, што трэба ў акадэміі. Вам давядзецца займацца гэтай акадэміяй, кадрамі і гэтак далей», — заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што непасрэдна перад гэтай сустрэчай яму паклалі на стол прапановы ў выглядзе праектаў указаў, якія датычацца стварэння акадэміі. Ён заявіў, што ў гэтым пытанні не трэба дадаткова нагружаць урад, каб ён вызначаў нейкую сістэму, напрамкі або кадры.

«У нас працуюць універсітэты, сістэма зразумелая — пад Міністэрствам адукацыі. Гэтак жа павінна працаваць і акадэмія. Пры гэтым неабходны персанальны ўдзел міністра як старшыні наглядальнага савета. Навошта яшчэ кудысьці вышэй падымаць пытанні гэтай акадэміі? Тым больш што гэта будзе суцэльны фармалізм, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Усё роўна вам давядзецца выпрацоўваць гэтыя падыходы і ўносіць ва ўрад, калі, як вы мне там прапісваеце, урад будзе вызначаць нейкія пытанні і напрамкі. Гэта прэзідэнцкая ініцыятыва, фактычна прэзідэнцкая структура. Зразумела, што да гэтага і так будуць прывязаны і ўрад, і Адміністрацыя Прэзідэнта».

Аб дапамозе маладым спецыялістам

Маладых спецыялістаў у Беларусі не трэба, вобразна кажучы, насіць на руках, але ім неабходна дапамагаць там, дзе гэта патрэбна. Такую задачу ставіць Прэзідэнт.

«Я папрасіў, каб мне прадаставілі звесткі. Як у іх, у маладых спецыялістаў, справы, чаго там у нас не хапае? Гэта не значыць, што мы павінны насіць іх на руках. Мяне ніхто не насіў, і вас таксама ніхто не насіў. Мы самі прабіваліся ў гэтым жыцці. Але недзе дапамагчы трэба», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб магістратуры і заходніх стандартах

Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка надаў тэме магістратуры. Гэта пытанне кіраўнік дзяржавы трымае на асабістым кантролі.

«Як мы там сёння працуем? Мы з вамі вызначаліся, што не будзем гнацца за гэтымі заходнімі стандартамі. Але там, дзе ёсць нешта разумнае, мы гэта возьмем. Калі магістратура будзе патрэбна для адукацыі, далейшага навучання, навуковай дзейнасці, педагагічнай практыкі і для замежнікаў — калі ласка, мы можам прадаставіць такую магчымасць. Але без усялякага забягання наперад і пераймання вопыту нейкіх заходніх адукацыйных цэнтраў або дзяржаў», — сказаў Прэзідэнт.

«Мы рыхтуем людзей для сябе. Скончыўшы ВНУ, яны павінны атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. А потым ужо, у залежнасці ад таго, наколькі гэта патрэбна нашай дзяржаве, мы будзем думаць пра магістратуру. Прыкладна так мы абмяркоўвалі гэтую канцэпцыю. Хацелася б даведацца, як гэта рэалізуецца на практыцы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.